У Мінску 9 мая святочны салют упершыню будзе дадзены з сямі салютных установак. Пра гэта на канферэнцыі 7 мая ў Мінску паведаміў начальнік аддзела ўпраўлення інфармацыі Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык. Раней у Мінску салют давалі з чатырох установак.
Дзве салютныя ўстаноўкі будуць размешчаны каля стэлы «Мінск — горад‑герой», па адной — на пустэчы ў раёне вуліцы Матусевіча, на скрыжаванні вуліц Гарэцкага і Панамарэнкі, праспекта Дзяржынскага і вуліцы Дружбы, у парку імя 900‑годдзя Мінска (набярэжная Чыжоўскага вадасховішча) і каля Дома міласэрнасці ў мікрараёне Усход.
Святочныя салюты ў Мінску, Брэсцкай крэпасці і абласных цэнтрах будуць дадзены 30 залпамі ў 22 гадзіны. «Калі воблачнасць будзе нізкай, будзем даваць залпы меншай магутнацсі», — зазначыў В.Раменчык.
Таксама ўпершыню на плошчы Перамогі ў Мінску будзе ўстаноўлена гасцявая трыбуна на 250 чалавек для тых ветэранаў, якія па стане здароўя не змогуць узяць удзел у шэсці ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі, паведаміў В.Раменчык. Чакаецца, што ў шэсці возьмуць удзел не толькі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, але і кіраўніцтва краіны, воіны‑інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі раёнаў горада. Усяго ў шэсці возьме ўдзел 220 чалавек. На 15 пляцоўках уздоўж праспекта Незалежнасці будуць праходзіць канцэрты. Прамая трансляцыя шэсця будзе весціся на размешчаных у горадзе святлодыёдных экранах, экранах у метро і па Першым канале беларускага тэлебачання.